Маршрут: Завоссе – Туганавічы (Карчова) – воз. Свіцязь – Навагрудак.
Кіламетраж: 350 км.
Працягласць: 10 г.
200 год назад у маленькай вёсачцы Завоссе нарадзіўся чалавек, якому было наканавана праславіць Навагрудскі край на ўвесь свет. Менавіта гэту зямлю апяяў Адам Міцкевіч у сваіх шматлікіх вершах, паэмах і баладах. І менавіта фальклорныя вобразы гэтай зямлі далі штуршок для раскрыцця талента гэтага паэта.
У гэтай экскурсіі мы прапануем вам пабываць у мясцінах, звязаных з дзіцячымі і юнацкімі гадамі вядомага паэта, а таксама ацаніць прыгажосць і непаўторнасць Навагрудскага края.
Пачынаем мы відавочнага з Завосся, дзе да 200-годдзя паэта ўзнавілі сядзібу ў якой ён нарадзіўся. Там зараз размяшчаецца музей, які дакладна перадае дух шляхецкага засценка пач. XIX ст.
Каб пабачыць наступны помнік – вялікі камень Філаматаў каля вёскі Карчова, нам спатрэбіцца зрабіць невялікую прагулку па лесе. Але яно таго варта, бо камень сапраўды вельмі вялікі да таго ж памятае сустрэчы таеманага таварыства філаматаў, якія адбываліся каля яго шурпатых бакоў у 20-ых гг. XIX ст.
Невялікі прыпынак на Свіцязі дасць магчымасць атрымаць задавальненне ад прыгожых краявідаў гэтага незвычайнага возера, а таксама пачуць легенды пра гэта месца, якія калісьці натхнілі Міцкевіча на напісанне ягоных твораў.
І нарэшце Навагрудак! Былы цэнтр ваяводства сустракае нас сваімі старажытнымі цэрквамі, касцёламі і руінамі замка. Усё тут звязана з імем знакамітага паэта: у Фарным касцёле яго хрысцілі, у касцёле св. Міхаіла была яго школа, руіны замка сталі асновай для некалькіх твораў Міцкевіча. Ёсць таксама і музей паэта, размешчаны ў адноўленым пасля вайны сядзібным доме Міцкевічаў, які мы абваязкова наведаем напрыканцы экскурсіі.