Маршрут: Мінск - Залессе – Смаргонь – Жодзішкі – Солы – Кушляны – Мінск.
Кіламетраж: 350 км.
Працягласць: 9 г.
У старыя часы дарога з Мінска на Вільню ішла не па Гродзенскай трасе, як цяпер, а праз гарады Маладэчна і Смаргонь. Шлях паміж былой і цяперашняй сталіцамі быў сур’ёзнай транспартнай артэрыяй на працягу шматлікіх стагоддзяў, таму не дзіўна, што пры дарозе будаваліся храмы, на ёй раслі гарады, а ў навакольных лясах імкнуліся будаваць свае рэзідэнцыі як буйныя магнаты так і дробная шляхта. Зараз гэта траса страціла сваё былое значэнне. Але ж помнікі засталіся!
200 год назад недалёка ад ракі Вілія знакаміты кампазітар і дыпламат, прадстаўнік старадаўняга магнацкага роду Міхаіл Клеафас Агінскі пабудаваў сабе палац. Аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай” пражыў тут 20 год за якія напісаў шмат вядомых музычных твораў, а таксама выдаў успаміны свайго жыцця. Палац і вялікі парк захаваліся да сённяшняга дня і хаця яны знаходзяцца не ў лепшым стане, але могуць шмат распавесці пра былых сваіх уладальнікаў.
У Смаргоні, ці Смургонях, як горад раней называлі самі мясцовыя жыхары, гасцей сустракае храм XVIст. – былы кальвінскі збор, а цяпер касцёл св. Архангела Міхаіла. На жаль сёння ўжо не пабачыш на вуліцах горада дрэсіраваных мядзведзяў, якіх выпускала калісьці смаргонская мядзвежая акадэмія і не пакаштуеш смаргонскіх абаранкаў, якімі славіўся гэты горад стагоддзе назад, але пра тое чаму вучылі мядзведзяў у той акадэміі і чым так славіліся тыя абаранкі мы вам распавядзем.
Недалёка ад Смаргоні знаходзіцца вёска Жодзішкі, дзе захаваліся касцёл XVII ст., палац XIX ст. і стогадовы вадзяны млын, які некалькі год назад аднавіў сваю працу. Калі вам цікава даведацца, як працуюць вадзяныя млыны і паглядзець на іх працу, то вам дакладна на гэту экскурсію.
Калі ж вярнуцца з Жодзішак на старавіленскі шлях, то вельмі хутка мы патрапляем у вёску Солы, дзе нас сустрэне не стары (усяго 70 год), але вельмі прыгожы касцёл Маці Божай Ружанцёвай, выкананы ў нязвыклым для Беларусі неабарочным стылі і размаляваны ўнутры беларускім мастаком Пятром Сяргеевічам.
І апошнім прыпынкам на нашай дарозе будзе вёска Кушляны, дзе захавалася сядзіба аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, ды і што хаваць, галоўнага натхняльніка нацыянальнага руху пачатку ХХ ст., Францішка Багушэвіча. У сядзібе зараз знаходзіцца музей, а за сядзібай прыгожы парк і камень у памяць аб паэце. У суседняй вёсцы каля неагатычнага касцёла св. Пятра і Паўла знаходзіцца магіла Багушэвіча, якую таксама можна наведаць.
Далей старавіленскі шлях выходзіць да мяжы і кіруецца непасрэдна на былую сталіцу ВКЛ, але гэта ўжо зусім іншая экскурсія …