Турыстычнае прадпрыемства ЗЯЛЕНАЯ КАМАНДА
+375 29 151 01 87 +375 29 634 09 00 +375 29 762 58 40
223036, вул. Мінская 46, Заслаўе, Мінскі раён,
Беларусь
BY

Святыні Паўночна-заходняй Беларусі


Маршрут: Глыбокае – Удзела –Мосар – Будслаў.

Кіламетраж:  350 км.

Працягласць: 12 г.

Хрысціянства на беларускіх землях налічвае ўжо больш за тысячу год. Сотні бажніцаў былі пабудаваныя за гэты час у гарадах, мястэчках, вёсках, ці нават у глухіх лясах.  Узводзіліся яны па жаданню магнатаў, па патрэбе навакольных людзей, ці … ў месцах, дзе адбываліся цуды. У гэтай экскурсіі мы прапануем вам дакрануцца якраз да такіх цудатворных месцаў, да найбольш цікавых і вядомых святыняў паўночна-заходняй Беларусі.

Горад з дзіўнай назвай Глыбокае славіцца вытворчасцю згушчонкі і двума цудоўнымі барочнымі храмамі, што ўзвышаюцца на цэнтральнай плошчы. Адзін з іх касцёл - св. Троіцы, быў пабудаваны ў першай палове XVIII ст.  Другі – былы кармеліцкі манастыр, а цяпер царква Раства Барагодзіцы. Менавіта тут знаходзіцца каштоўны абраз, прывезены сто год назад з грэчаскага манастыра на гары Афон, які і сёння прыцягвае да сябе ўвагу вернікаў. Храм гэты шмат можа распавесці, бо шмат бачыў: і пра свайго фундатара Язэпа Корсака – буйнога магната XVII ст., і пра манахаў кармелітаў, і пра таямніцы падземных хадоў, і як ні дзіўна, пра Напалеона Банапарта, якога прымаў у сваіх сценах у 1812 г.

Дарэчы Язэп Корсак быў таксама фундатарам базыльянскага манастыра, муры якога можна бачыць выязджаючы з Глыбокага і францысканскага манастыра і касцёла, які захаваўся ў в. Удзела, недалёка ад раённага цэнтра.  Менавіта гэта наступны пункт нашай экскурсіі.

Пры гэтым касцёл і зараз жывуць два манахі-францішкане. Яны, разам з мясцовымі дзецьмі стварылі вельмі незвычайную батлейку, арганізавалі музей святога Максіміліана Колбэ, развесілі ў падзямеллях храма фотавыставу, прысвечаную францішканскім місіям ва ўсім свеце.

А ў в. Мосар, што ўсяго ў 7 км. ад Удзела, манаскай місіі ніколі не было. Усё што тут зроблена – вынік ініцыятывы аднаго чалавека - ксяндза Юазаса Булькі, які служыў ў храме ў 1988-2010 гг. А тое, што зроблена уражвае любога госця: вакол сціплага касцёла святой Ганны (1792 г. будаўніцтва) размясціўся шыкоўны ландшафтны сад з экзатычнымі кветкамі, скульптурамі і нават невялікім звярынцам. Дарожкі ад касцёла вядуць да старадаўніх могілак, крыніцы з цалебнай вадой, вострава закаханых і алеі цвярозасці (гэта была асобная тэма ў дзейнасці ксяндза Юазаса). А ўнутры касцёл чакае яшчэ адна неспадзяванка – у храме захоўваюцца мошчы святога Юстына – рымскага філосафа, які жыў у пачатку хрысціянскай эры ў Палестыне. Калісьці культ гэтага святога быў досыць папулярны ў Беларусі.

На завяршэнне дня,  напэўна самы важны помнік экскурсіі – касцёл Унебаўзяцця Марыі Панны ў в. Будслаў. Вось гэта сапраўдны цуд хрысціянскай культуры ў Беларусі. Ужо пад'язджаючы да вёскі можна бачыць  велічныя вежы барочны касцёл. Унутры храма захаваліся унікальныя роспісы сцен, арган XVIII ст. і разны драўляны алтар, зроблены для касцёла яшчэ ў XVII ст. І сярод усяго гэтага галоўны цуд – абраз Божай Маці Будслаўскай да якога вось ужо 500 год з усіх куткоў Беларусі едуць тысячы паломнікаў, каб выказаць свае просьбы, падзякі і проста памаліцца.

Паехаўшы ў гэту экскурсію, вы далучыцеся да іх.


Пры капіяванні матэрылаў просьба указваць спасылку на сайт www.greenteam.by
Зялёная Каманда © 2011-2013
Наверх