Турыстычнае прадпрыемства ЗЯЛЕНАЯ КАМАНДА
+375 29 151 01 87 +375 29 634 09 00 +375 29 762 58 40
223036, вул. Мінская 46, Заслаўе, Мінскі раён,
Беларусь
BY

Радавыя гнёзды шляхты ВКЛ


 Маршрут: Мінск - Мерачоўшчына – Косава – Ружаны – Слонім - Альберцін - Мінск.

Адлегласць: 650 км.

Працягласць: 12 г.

Калісьці даўней у Беларусі жыла шляхта. Яна ваявала, прымала законы, балявала, здраджвала і здзяйсняла подзьвігі. А ў вольны ад палітыкі час будавала свае рэзідэнцыі: дробная шляхта – сціплыя драўляныя сядзібкі з саламянымі стрэхамі, буйная – шыкоўныя барочныя палацы з садамі і паркамі. Шляхецтва ў Беларусі ўжо амаль няма, ды і краіна тая, дзе яны жылі таксама даўно не існуе. А вось радавыя іх сядзібы і палацы, засталіся. Збольшага ў руінах, некаторыя яшчэ амаль цэлыя, іншыя поўнасцю знішчаныя, а пасля адноўленыя. Але ў любым выпадку вартыя таго, каб сесьці ў аўтобус і паглядзець хаця б некаторыя з іх, атрымаць задавальненне ад прыгожых мясцін, уявіць сябе ў тых далёкіх часах і разабрацца нарэшце, хто ж яны такія былі - гэтыя "грамадзяне Рэспублікі Двух Народаў".

За невялікім гарадком Косава, што недалёка ад Івацэвічаў, размяшчаецца ўрочышча Мерачоўшчына, дзе знаходзяцца ажно 2 вельмі непадобныя адна на адну будыніны – драўляная хата і вялізарны мураваны палац. Хата – адноўленая нядаўна сядзіба небагатага шляхецкага роду Касцюшкаў, у якой марознай зімой 1746 г. нарадзіўся будучы герой Польшчы, Амерыкі, Беларусі, ды Літвы Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Псеўдагатычны палац, які ўзвышаецца над наваколлем у нейкай сотні метраў ад сядзібы Касцюшкаў – гэта рэзідэнцыя багатага шляхецкага роду Пуслоўскіх, якія таямнічым чынам у пачатку ХІХ ст. ператварыліся з шараговай шляхты слонімскага павету ў буйнейшых землеўладальнікаў на Беларусі. Гісторыя кожнай з гэтых сем’яў цікавая і захапляльная, а абодва будынкі вартыя фотааб’ектыва нават самага дарагога фотаапарата.

У 30 км. ад Косава, у вёсцы Ружаны – яшчэ адна рэзідэнцыя, толькі ўжо не беднага шляхціча і нават не буйнога прадпрымальніка, а аднаго з найбагацейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага – Сапегаў.  Палац іх, хоць і ляжыць у руінах, сапраўды дае ўяўленне аб велічнасці гэтагай старадаўняй фаміліі. Калісьці Сапегам не хапіла некалькіх крокаў, каб стаць уладарамі амаль ўсёй тагачаснай тэрыторыі Беларусі. Цяпер, велічныя руіны барочнага палаца XVIIIст., даюць цудоўную магчымасць даведацца пра гісторыю гэтага рода трохі больш за стандартны набор школьнай праграмы. У нядаўна адноўленым флігелі размясцілі музей, які з задавальненнем прымае ўсіх зацікаўленых.

Слонім - цяперашні адміністрацыйны цэнтр гэтага рэгіёна хавае ў сваіх закутках памяць пра былую веліч магутнага роду Агінскіх, якія ў XVIII ст. зрабілі гэты невялікі горад адным з цэнтраў культурнага жыцця Еўропы.

А завяршаецца экскурсійны маршрут слонімскім прадмесцем Альберцін, дзе захавалася яшчэ адна сядзіба графоў Пуслоўскіх, можа не такая пампезная, як у Косава, але затое амаль цэлая, акружаная старажытным паркам з возерам на ўскрайку. Месца, дзе ёсць што распавесці і што паказаць гасцям.

Пуслоўскія, Касцюшкі, Сапегі. Кожная з гэтых фамілій пакінула тут на Беларусі свае магілы, храмы, палацы, паркі і таямніцы, разгадаць некаторыя з якіх мы паспрабуем усе разам пад час дадзенай экскурсіі.   




Пры капіяванні матэрылаў просьба указваць спасылку на сайт www.greenteam.by
Зялёная Каманда © 2011-2013
Наверх