Маршрут: Крэва – Баруны – Гальшаны.
Кіламетраж: 320 км.
Працягласць: 8 г.
Беларусь багатая на гістарычныя помнікі, але яшчэ багацейшая на на руіны.
Гэта экскурсія па найбольш вядомых і важных руінах Беларусі. За адзін дзень яны распавядуць вам гісторыю гэтай зямлі ад пачатку і да сённяшняга дня.
У далёкім XIV ст. князь Гедымін паставіў на шляху з Вільні ў Наваградак вялікі каменны замак-кастэль. Менавіта тут ў 1385 г. пачалося аб’яднанне Літвы і Польшчы, у падзямеллях гэтага замка чакаў сваёй смерці князь Вітаўт. Шмат яшчэ чаго цікавага могуць распавесці сцены гэтай фартэцыі цікаўнаму госьцю. А з Юравай гары – старадаўняга язычніцкага капішча, што недалёка ад замка - паўстае цудоўны від на крэўскае наваколле. Шкада толькі, што ад замка засталіся адныя руіны.
А вось у Барунах нас чакае няспадязванка – добра захаваны касцёл і былы базыльянскі кляштар, дзе знаходзіцца ікона Божай Маці Барунскай – адной з важнейшых хрысціянскіх святыняў Беларусі. Зараз у касцёле і манастыры – ціха, а калісьці гэтыя мясціны поўніліся гарэзлівым смехам дзесяткаў шкаляроў – у Барунах 200 год назад размяшчалася адна з буйнейшых школ у Беларусі пра якую таксама ёсць, што распавесці.
Гальшаны – старадаўняя вотчына князёў Гальшанскіх. Даўней на высокай гары каля мястэчка стаяў добраўмацаваны замак гэтых князёў. І хоць замак да нашых дзён не дайшоў, від з гальшанскага гарадзішча адкрываецца цудоўны. У самім жа мястэчку нас сустрэне старадаўні касцёл, пабудаваны князем Сапегам у далёкім XVIIст. Менавіта з касцёлам звязана адна з найбольш таямнічы гісторый ў Беларусі пра прывід… Але пра гэта мы распавядзем вам ужо ў саміх Гальшанах. А на ўскрайку мястэчка схаваліся руіны аднаго з найбольш велічных палацаў былой Рэчы Паспалітай – палаца Сапегаў. І хоць ад палаца таго засталося няшмат, але цікаўнаму наведвальніку нават асобная цаглінка можа расказаць шмат цікавага.
Для дзіцячай групы такога маршрута напэўна і хопіць, а вось дарослым мы прапануе заехаць яшчэ ў Вішнева, вёску, якая памятае Сымона Буднага, графоў Храптовічаў, сялянаў-касінераў, і як ні дзіўна… былога ізраільскага прэм’ера Шымона Пэрэса. І ў Дзесятнікі, дзе можна паблукаць па ваенных могілках нямецкіх салдат Iсусветнай вайны – вайны забытай і мала нам вядомай.