Маршрут: Мінск - Нясвіж – Мір - Мінск
Адлегласць: 300 км.
Працягласць: 12 г.
Нясвіж – радавое гняздо Радзівілаў. Амаль паўтысячагоддзя тут жыў гэты найбуйнейшы магнацкі род Еўропы. Пасля сябе яны пакінулі прыгожы замак, парк і касцёл, у сутарэннях якога пахаваныя продкі Радзівілаў, пачынаючы з 16 ст.
Нясвіж надзвычай багаты на помнікі, гістарычныя падзеі і легендарныя сюжэты. Тут, на цэнтральнай плошчы, можна ўбачыць найстарэйшую ў Беларусі Ратуша, дзе дарэчы наведаць цікавы музей. А ў фарным касцёле захаваўся унікальны “перспектыўны” роспіс сценаў і столі. Ну і канешне сама рэзідэнцыя, якая хавае ў сябе шмат цікавага і таямнічага. Але галоўнае ў Нясвіжы не архітэктурныя помнікі, а памяць пра людзей, пра шматлікія пакаленні Радзівілаў – палітыкаў ,вайскоўцаў, музыкаў, падарожнікаў, чые лёсы – гэта лёсы Беларусі апошнія 500 год. А яшчэ ў Нясвіжы шмат легендаў – пра схаваныя скарбы, пра Чорную Панну Нясвіжа і падземны ход, які вядзе ад гэтага горада да другой Радзівілаўскай рэзідэнцыі – вёскі Мір.
А ў Міры нас чакае замак – сапраўдны сярэднявечны замак з высокімі вежамі, стромкімі лесвіцамі, вузкімі байніцамі і сваімі непаўторнымі легендамі. У Міры, дзе рэканструкцыя ідзе хутчэй, чым у Нясвіжы, ужо можна падняцца на адну з вежаў замка, пагуляць па пакоях палаца, спусціцца ў падзямелле. І яшчэ больш даведацца пра тых, хто тут уладарыў.
Зрэшты, гэта той маршрут якому не трэба рабіць рэкламу. Тут будзе цікава і дарослым і дзецям.