Турыстычнае прадпрыемства ЗЯЛЕНАЯ КАМАНДА
+375 29 151 01 87 +375 29 634 09 00 +375 29 762 58 40
223036, вул. Мінская 46, Заслаўе, Мінскі раён,
Беларусь
BY

У СЭРЦА ПАЛЕССЯ


Маршрут: Мінск - Лагішын – Моталь - Пінск – Тураў – Ляскавічы – Мінск.

Кіламетраж:  800 км.

Працягласць: 2 дні

Палессе – адзін з самых загадкавых і маладаследаваных куткоў Еўропы. Цывілізацыйныя павевы на працягу стагоддзяў сюды амаль не даходзілі, упіраючыся ў бяскрайнія балоты і лясы. Дзякуючы гэтаму палешукі захавалі сваю аўтэнтычную культуру: звычаі, міфалогію, абрады, архітэктуру. Такой архаічнасці і старадаўнасці не засталося больш ні ў адным рэгіёне Еўропы. Мы прапануем двухдзённую экскурсію, ў самае сэрца беларускага Палессе, якая дапаможа вам раскрыць некаторыя таямніцы гэтай незвычайнай зямлі.

Знаёмства з Палессем мы пачынаем з невялікай вёскі Лагішын, бо менавіта тут захоўваецца вельмі старадаўні абраз Божай Маці Лагішынскай, якую часта называюць “Каралевай Палесся”. Размяшчаецца яна ў прыгожым неагатычным касцёле св. Пятра і Паўла.

Каб бліжэй дакрануцца да жывой традыцыйнай культуры Палесся мала проста аглядаць архітэктурныя помнікі, неабходна завітаць у знакаміты музей традыцыйнай культуры Палесся ў в. Моталь. Там дакладна ведаюць і пакажуць, які быў побыт палешукоў у старыя часы, у што яны верылі і чым жылі.

Горад Пінск неафіцыйна лічыцца сталіцай Палесся.  І не дарма. У гэтым горадзе добра захаваўся гістарычны цэнтр галоўным упрыгожваннем якога з’яўляецца вялікі будынак Езуіцкага калегіума, дзе зараз размяшчаецца музей Палесся. Гуляючы па вуліцах Пінска мы пабачым касцёл і манастыр францысканцаў – адзін з буйнейшых барочных ансамбляў у Беларусі, цяпер каталіцкая семінарыя, касцёл ордэна камуністаў, гарадскі палац Бутрымовічаў XVIIIст, і шмат іншых цікавых будынкаў. Касцёл святога Барталамеуша сапраўды калісьці даваў прытулак ордэну камуністаў. Як такое магло быць? У Пінску і распавядзем.

Другі дзень экскурсіі мы адводзім даследванню  тураўскай зямлі. Калісьці адзін з буйнейшых цэнтраў славянскага рэлігійнага і навуковага жыцця Русі – старажытнарускі горад Тураў, цяпер невялікае мястэчка (хаця афіцыйна называецца горадам) на самай мяжы Прыпяцкага нацыянальнага парка.  Ад былой велічы амаль нічога не засталося. Хаця, калі добра прыглядзецца нешта яшчэ можна ўбачыць. Напрыклад, адкапаны некалькі год назад фундамент царквы XII ст. на старажытным тураўскім гарадзішчы, ці каменны крыж, які вось ужо 10 год расце з-пад зямлі на мясцовых могілках, дзе як лічыцца пахаваныя Кірыла Тураўскі і святыя Барыс і Глеб, ці невялікая двухсотгадовая царкоўка Усіх Святых, дзе стаяць 2 двухметровыя крыжы, што захоўваюцца  Тураве ўжо тысячу год.

 Але не толькі сваёй старажытнай гісторыяй цікавае Паслессе. Галоўнае багацце гэтага рэгіёна – прырода. І нацыянальны Парк Прыпяцкі прапануе цэлы шэраг эксклюзіўных паслугаў, каб пабліжэй пазнаёміцца з гэтай прыродай: катанне на цеплаходзе па Прыпяці, сафары да дзікіх жывёлаў, музей прыроды, прагулка да 600-гадовага дуба. І тут выбар за вамі.

 


Пры капіяванні матэрылаў просьба указваць спасылку на сайт www.greenteam.by
Зялёная Каманда © 2011-2013
Наверх