Маршрут: Мінск - Ракаў – Тупальшчына - Івянец – Мінск.
Кіламетраж: 130 км.
Працягласць: 5 г.
Ёсць такое трохі прызабытае беларускае слова – мястэчкі. Даўней яно абазначала населены пункт па памерах большы за вёску, але меншы за места (так у нас раней называлі горад). Мястэчкі мелі свой непаўторны лад жыцця, свае традыцыі і культуру. Мястэчка было месцам сустрэчы шляхецкай і сялянскай культуры, месцам, дзе жыў і добра сябе пачуваў, як бы зараз сказалі “сярэдні клас” часоў ВКЛ. Мы прапануем вам наведаць 2 мястэчкі Беларусі – Ракаў і Івянец. Яны знаходзяцца ў глыбіні былой Налібоцкай пушчы і таму захавалі свой непаўторны рытм жыцця, помнікі архітэктуры і цікавых людзей.
Мястэчка Ракаў атрымала назву не ад ракаў, што водзяцца ў рэках, бо ў Іслачы, якая працякае праз мястэчка гэтыя жывёліны не жывуць зусім. У мясцовых краязнаўцаў ёсць цэлы шэраг сваіх версій, кожнай цікавей за іншую. Багатай фантазіі ў Ракаве сапраўды ёсць дзе разгарнуцца: тут захавалася старажытнае гарадзішча, вельмі старыя праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія могілкі, царква і касцёл. Ракаў з даўніх часоў славіўся ў Беларусі, як цэнтр ганчарства і правядзення буйных свіных кірмашоў. У ХІХ ст. у Ракаў пісалі лісты Леў Талсты і Элаіза Ажэшка.
А каму пісалі? Ну дык даведаецеся на экскурсіі.
А яшчэ на ўскрайку Ракава ёсць месца, дзе з-пад зямлі б’е святая крыніца. Па легендзе, калісці даўно тут з’явіўся вобраз Божай Маці і з таго часу крыніца набыла лекавыя якасці, асабліва ад захворванняў вачэй.
З Ракава да Івянца вядзе прыемная дарога ўздоўж ракі Іслач. Мы зробім невялікі прыпынак ва ўрочышчы Тупальшчына, дзе на мясцовых могілках пахаваны знакаміты пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Вінцэнт Дуні н-Марцінкевіч.
Івянец – яшчэ адно старажытнае мястэчка сустракае нас прыгожым неагатычным касцёлам св. Аляксея пач. ХХ ст. У цэнтры мястэчка нас чакае яшчэ большая неспадзяванка – тут захаваўся адзін з прыгажэйшых барочных храмаў Беларусі – касцёл св. Міхаіла, а таксама манастыр францысканцаў. Івянец, як і Ракаў – вядомы цэнтр ганчарства. Тут ёсць і музей прысвечаны менавіта традыцыйнаму ганчарнаму рамяству гэтага рэгіёна.