Маршрут: Мінск - Жыровічы – Сынкавічы - Слонім – Альберцін – Мінск.
Адлегласць: 430 км.
Працягласць: 11 г.
Слонімскі раён валодае напэўна нейкай таямніцай, бо дзіўна, што на такой невялікай тэрыторыі ў цэнтры Беларусі захавалася столькі ўнікальных архітэктурных і гістарычных помнікаў. І ў дадзенай экскурсіі мы прапануем вам пазнаёміцца з найбольш цікавымі з іх.
У першую чаргу гэта, канешне, Жыровіцкі манастыр – унікальны архітэктурны комплекс, які вядзе сваю гісторыю з далёкага XV ст., калі на землях падскарбія ВКЛ Аляксандра Солтана аб’явіўся каменны абраз Божай Маці. Абраз цудам дайшоў да нашых дзён і захоўваецца ў манастырскай абіцелі, узведзенай яшчэ ў XVIIст. уніацкім базыльянскім ордэнам. Гісторыю цудоўнага ўратавання абраза Жыровіцкай Божай Маці і іншыя таямніцы гэтага старажытнага манастыра вам распавядуць навучэнцы сіменарыі, якая размяшчаецца тут жа.
Наступны пункт экскурсіі – яшчэ адна таямніца Слонімшчыны: на ўскрайку маленькай вёскі, удалечыні ад вялікіх гарадоў узвышаецца магутны храм-крэпасць – царква св. Міхаіла Арханёла. Хто, калі і для чаго будаваў гэты храм з моцнымі абарончымі элементамі – вежамі, байніцамі, машыкулямі – да гэтага часу не высветлена. Адное мы ведаем дакладна – сумяшчэнне гатычных і рэнесансных элементаў у праваслаўным храме робіць яго ўнікальным помнікам архітэктуры не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.
Прыемна здзівіць можа таксама і цэнтр Слонімскага раёна. У Слоніме захавалася ажно 3 старажытныя храмы XVII-XVIIIст., сінагога XVIIст. (адна са старэйшых у Беларусі) і камяніцы стагоддзя XIX. Усё разам стварае утульны і цікавы гістарычны цэнтр горада, у якім адбывалася шмат важных падзей і пра які ёсць што распавесці цікаўнаму экскурсанту.
А на заканчэнне нашай экскурсіі мы наведваем слонімскае прадмесце Альберцін, дзе захаваліся палац і парк графоў Пуслоўскіх XIXст. Размешчаныя на беразе прыгожага возера, яны распавядаюць пра распавядаюць пра жыццё і дзейнасць гэтага старадаўняга шляхецкага роду і з’яўляюцца добрым заканчэннем нашай экскурсіі.