Турыстычнае прадпрыемства ЗЯЛЕНАЯ КАМАНДА
+375 29 151 01 87 +375 29 634 09 00 +375 29 762 58 40
223036, вул. Мінская 46, Заслаўе, Мінскі раён,
Беларусь
BY

Мы супраць вайны: вайна ў Нарачанскім краі


                                                   

         Маршрут: Мінск - Маладзечна – Брусы – Кабыльнік – Пронькі – партызанскія зямлянкі - Мінск

Кіламетраж: 300 км.

Працягласць:  10 г.

Гэта экскурсія прысвечана двум войнам ХХ стагоддзя, двум сусветным войнам. Чаму менавіта ў Нарачанскім краі? Бо мы вельмі часта гаворым пра вайну ў вельмі агульных словах, называючы лічбы, статыстыкі, узгадваем ідэалагічныя лозунгі той вайны. Зразумець, што такое вайна, чым яна была для Беларусі ў ХХ ст., асэнсаваць усе яе жахі магчыма, толькі звузіўшы межы агляду да аднаго канкрэтнага рэгіёну. Пад час першай сусветнай вайны праз Нарачанскі край 3 гады праходзіла лінія фронту. У другую вайну, апынуўшыся ў глыбокім тылу Нарачаншчына стала цэнтрам буйнога партызанскага руху. Амаль у кожнай вёсцы засталіся напаміны пра гэтыя 2 страшныя адрэзкі ХХ ст. Але тут гэта не агульныя лічбы і лозунгі, а канрэтныя лёсы канкрэтных людзей.

Дарога на Мядзельшчыну, дзе і знаходзіцца вёска Нарач, ідзе праз горад Маладзечна. Тут яшчэ ў 1996 г. паўстаў манумент прысвечаны Шталагу №342 – аднаму з буйных канцлагероў на тэрыторыі Беларусі, дзе было знішчана больш за 30.000 чалавек. Адсюль мы  і пачынаем нашу экскурсію.

У в. Брусы, што ўжо зусім недалёка ад Нарачы, свая трагедыя. У час апошняй вайны вёска была спаленая. Такіх вёсак у Беларусі шмат, але ў кожнай з іх свая гісторыя. І Брусы не выключэнне.

У цэнтры в. Нарач (былы Кабыльнік) стаіць прыгожы неагатычны касцёл св. Андрэя, які ў вайну немцы выкарыстоўвалі, як перасыльны пункт, для тых, каго гналі на працы ў Германію. А на мясцовых каталіцкіх могілках узвышаецца высокі пастамент з каменных арлом наверсе. Гэта месца пахавання нямецкіх салдат першай сусветнай вайны. І па іроніі лёсу у ста метрах далей – невялікі мемарыяльны помнік, які абазначае месца расстрэлу габрэяў Нарачы ў 1942 г.

Каля самага возера Нарач мы наведваем маленькую вёску Пронькі, дзе захаваліся яшчэ адны могілкі Першай сусветнай. Тут ляжаць пахаваныя салдаты нямецкай і аўстрыйскай армій, якія загінулі ў 1915-1918 гг. А ў 1942 г. гэтыя могілкі выратавалі Пронькі ад поўнага знішчэння. Але пра гэта лепей распавядаць на месцы.

Пра партызанскі рух другой сусветнай на Мядзельшчыне нагадваюць 2 вялікія помнікі: стэла паміж Мядзелем і Кабылінікам на самым беразе Нарачы, і адноўленыя партызанскія зямлянкі ў лясным масіве за Пронькамі. Да апошніх давядзецца ісці пешкі больш за 2 км., каб заглыбіцца ў гэты глухі лес. Менавіта тут з 1943 г. размяшчаўся штаб партызанскіх атрадаў Нарачанскага краю. Зямлянкі зараза адноўлены і даюць добрае ўяўленне пра побыт і жыццё партызанаў пад час вайны.  

                  


Пры капіяванні матэрылаў просьба указваць спасылку на сайт www.greenteam.by
Зялёная Каманда © 2011-2013
Наверх